1 чэрвеня 2024 г. — 10 гадоў з дня адкрыцця філіяла «Карцінная галерэя Аляксея Кузьміча» раённага музейнага комплексу Напалеона Орды ў в. Махро (Іванаўскі р-н; 2014)
За гады плённай дзейнасці беларускага жывапісца Аляксея Васільевіча Кузьміча (1945–2013) назапасілася тысячы палотнаў. Нямала яго работ захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага саюза мастакоў, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, у прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. Але ж асноўная маса твораў працягвала заставацца ў майстэрні, і мастак быў апантаны думкай аб стварэнні «Храма Мадонны» — своеасаблівай карціннай галерэі, куды б ён перадаў свае работы.
4 мая 2024 г. — 45 гадоў з часу адкрыцця народнага гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Махроўская сярэдняя школа» (Іванаўскі р-н; 1979)
Стварэнне гісторыка-краязнаўчага музея Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці пачыналася ў 1972 г. Настаўніца гісторыі Ірына Палікарпаўна Галяк зацікавілася партызанскім рухам у наваколлях вёскі. У гады Вялікай Айчыннай вайны на поўдні ад Дняпроўска-Бугскага канала была створана партызанская зона. У памежнай вёсцы Калена дзейнічаў беларуска-ўкраінскі сельскі Савет, які кіраваў жыццём насельнікаў больш дзясятка суседніх вёсак. Маладая настаўніца загарэлася жаданнем аднавіць гісторыю партызанскага атрада імя С. Г. Лазо. Апантаная высокай ідэяй, яна здолела аб’яднаць вакол сябе самых актыўных, здольных і цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак. Пачалася шырокая пошукавая работа.
16 ліпеня 2024 г. — 20 гадоў з дня адкрыцця «Галерэі мастацтваў» (2004), філіяла Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей праводзіць вялікую навуковую, экскурсійную і выставачную работу. Для пашырэння дзейнасці музею не ставала выставачных плошчаў. У 2001 г. пачалася работа па стварэнні філіяла для выставачнай дзейнасці. 27 студзеня 2004 г. Бярозаўскі райвыканкам прыняў рашэнне аб адкрыцці філіяла гісторыка-краязнаўчага музея. 16 ліпеня 2004 г. — у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — быў адкрыты філіял музея «Галерэя мастацтваў».
14 снежня 2023 г. — 10 гадоў з дня адкрыцця гісторыка-мемарыяльнага музея «Сядзіба Нямцэвічаў» у в. Скокі (Брэсцкі р-н; 2013)
Сядзібна-паркавы ансамбль ХVІІІ ст. у в. Скокі Брэсцкага раёна – помнік архітэктуры барока і садова-паркавага мастацтва, адзін з нямногіх на Беларусі, што цудам захаваўся да нашага часу. Планіроўка ансамбля рэгулярная сіметрычна-восевая, у цэнтры знаходзіцца двухпавярховы панскі дом. Аднапавярховыя бакавыя флігелі і капліца-пахавальня не зберагліся. За домам – парк рэгулярнага тыпу з цэнтральнай і дзвюма бакавымі паралельнымі алеямі, якія выходзяць да ракі Лясная.
25 ліпеня 2023 г. – 25 гадоў з дня адкрыцця музея гісторыі горада Брэста (1998), дзяржаўнай установы культуры
Музей гісторыі горада Брэста быў заснаваны 28 лютага 1990 г., адкрыты 25 ліпеня 1998 г. як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. З 1 студзеня 2007 г. музей стаў структурным падраздзяленнем аддзела культуры гарвыканкама. Дырэктар музея – Святлана Аляксееўна Тамчук.
Установа размешчана ў асабняку (вул. Леванеўскага, 3), пабудаваным у 1928 г. па праекту польскага архітэктара Юліяна Лісецкага (1881–1944). Будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (112Е000002). Прамавугольны ў плане цагляны будынак з невялікім прысядзібным пляцам. Об’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце прыземістага паверха і высокага пластычнага даху. Бакавыя фасады і фігурны атык мезаніна дэкараваны лапаткамі, люкарнамі, сандрыкамі. На першым паверху – трохпакаёвая кватэра, у мансардзе – двухпакаёвая. Асобныя ўваходы ў кватэры размешчаны ў нішах галоўнага фасада. Нішы створаны дзвюма аркамі з вуглавой апорай, перакрыты крыжовымі сводамі.
24 ліпеня 2023 г. — 30 гадоў з часу заснавання раённага краязнаўчага музея – музея-сядзібы «Пружанскі палацык» у г. Пружаны (1993)
Пружанскі раённы выканаўчы камітэт 24 ліпеня 1993 г. выдаў загад аб стварэнні раённага краязнаўчага музея. Першапачаткова музей размяшчаўся ў будынку бібліятэкі, якой на дадзены момант няма, і складаўся з экспанатаў, сабраных абласным краязнаўчым клубам «Спадчына». У 1998 г. музей быў перанесены ў будынак гарадскога сядзібнага дома — помніка архітэктуры, пасля яго рэстаўрацыі ў 1989–1998 гг.
Гісторыя Пружанскай гарадской сядзібы багатая і цікавая. Яе з’яўленне і росквіт звязаны з родам Швыкоўскіх, тры пакаленні якіх валодалі Пружанамі. Пры апошнім — Валенціі Швыкоўскім (1817–1990) — у сярэдзіне ХІХ ст. па праекту вядомага італьянскага архітэктара Фрацыска Марыя Ланцы быў пабудаваны ў стылі неарэнесансу сядзібны дом, які сталі называць «палацыкам» (маленькі палац). Дом асіметрычны, 1–3-павярховы, складаецца з дзвюх груп рознавялікіх аб’ёмаў, злучаных аднапавярховым корпусам і 4-павярховай вежай.
1 студзеня 2022 г. — 40 гадоў з дня адкрыцця народнага літаратурна-краязнаўчага музея імя Ф. М. Дастаеўскага ДУА «Дастоеўская сярэдняя школа імя Ф. М Дастаеўскага» (Іванаўскі р-н; 1982)
У в. Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, якая звязана з імем слыннага рускага пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, даўно існавала ідэя стварэння літаратурна-краязнаўчага музея. Першыя экспанаты, прысвечаныя вызваленню Дастоева ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, былі сабраны першым дырэктарам Дастоеўскай школы Сямёнам Мартынавічам Крапчуком. У 1960-я гг. настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Леанідаўна Раманава стварыла куток Ф. М. Дастаўскага.
15 мая 2022 г. — 20 гадоў з дня адкрыцця музея чыгуначнай тэхнікі ў г. Брэсце (2002), установы Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі
Брэст — важны чыгуначны вузел на магістралі Варшава – Масква. У горадзе вырасла не адно пакаленне чыгуначнікаў, якія любяць сваю справу, шануюць чыгуначную тэхніку. У гады перабудовы ветэран-чыгуначнік Аркадзь Віктаравіч Прывецень сабраў групу энтузіястаў і стаў збіраць у лакаматыўным дэпо Брэст старую тэхніку, рамантаваць яе па магчымасці.
17 мая 2022 г. — 20 гадоў з дня адкрыцця мастацкага музея ў г. Брэсце (2002), філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея
Творы мастакоў і скульптараў Брэсцкай вобласці з 1951 г. збіраў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Паступова склалася значная калекцыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая патрабавала адпаведнага раскрыцця. У 1998 г. было прынята прынцыповае рашэнне аб стварэнні мастацкага музея. Для новага музея выдзелілі памяшканне (агульная плошча 1670 кв. м) у Паўднёвай казарме Цытадэлі Брэсцкай крэпасці, дзе правялі капітальны рамонт, устанавілі новыя вокны і сучасную ацяпляльную сістэму.
25 студзеня 2021 г. — 10 гадоў з дня адкрыцця музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» (Пружанскі р-н; 2011), дзяржаўнай установы культуры
Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ў 1598 г. стаў уладальнікам мястэчка Ружаны (цяпер гарадскі пасёлак Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці), пабудаваў тут замак. У ХVІІ ст. замак магнацкага роду Сапегаў стаў цэнтрам палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ. У час вайны са шведамі ў 1696–1699 гг. замак быў разбураны і спалены. У другой палове ХVІІІ ст. пры Аляксандру Сапегу на гэтым месцы па праекце архітэктара Яна Самуэля Бекера пабудавалі палацавы комплекс.